У апошні дзень ліпеня з творчага падарожжа, калі магчыма так казаць, вярнуўся ў свой родны Пінск вядомы мастак
Яўген Шатохін.
Гарадзенская і Віцебская вобласць прымалі нашага земляка на працягу усяго ліпеня. Зараз Яўген Сяргеевіч рыхтуецца да сваёй выставы ў ЗША (Вашынгтон, Нью-Ёрк). Вольнага часу ў яго няма, але ж на некалькі пытанняў ён адказаў...
Яўген Сяргеевіч, калі ласка, распавядзіце, што гэта былі за вандроўкі па Гарадзенскай і Віцебскай вобласці?Я.С.: Мэтаю гэтых вандровак быў удзел у пленэрах і выставах. У Гродзенскай вобласці пленэр праводзілі Беларускі саюз мастакоў (БСМ) і універсітэт культуры ў гонар 200-годдзя мастака Казіміра Бахматовіча. Вынікам яго стала выстава ў Смаргоні.
У Віцебскай вобласці пленэр праводзіла суполка мастакоў ”Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў і культурна-асветніцкае таварыства імя Язэпа Драздовіча. Мерапрыемства адбывалася на радзіме Васіля Быкава. Вельмі плённа папрацавалі. Сабраліся толькі прафесіяналы. Вынікам гэтага пленэра будзе выстава ў студзені 2009 года ў Мінску ў гонар Васіля Быкава. Адзначу, што выстава ў гонар Васіля Быкава пройдзе ў Полацку, Віцебску і я зраблю ўсе намаганні, каб яе правесці ў Пінску.
Калі ласка, распавядзіце нам пра свае бліжайшыя планы. Я.С.: Праз некалькі дзён будзе водная вандроўка на маёй яхце да Мазыра, а пасля па ”Чарнобыльскай зоне”. У момант гэтага падарожжа будзе здымацца дакументальны фільм на тэму мастак і трагедыя Чарнобыля. Здымачная група ўжо хутка будзе ў Мазыры, вельмі добрыя людзі.
З верасня пачынаецца мая выстава ў Вашынгтоне і Нью-Ёрку. Колькі яна будзе цягнуцца пакуль не ведаю.
На 2009 год мяне ўжо запрашаюць з выставай у Польшчу...
У верасне 2008 года роўна 20 год, як ў г. Пінску адкрылася школа мастацтваў. Безумоўна, што гэта тая падзея, якая ўвайшла ў гісторыю Пінска, як і тое, што Вы былі арганізатарам і першым дырэктарам Што б Вы нам маглі паведаміць з гісторыіі яе стварэння і дзейнасці.Я.С.: Калі канкрэтна па гісторыі, то стварыць школу выяўленчага мастацтва ў Пінску была мая ідэя, якую я прапанаваў адміністрацыі горада. Яны яе падтрымалі, а ў той час я жыў і працаваў на поўначы. Гарадская ўлада Пінска запрасіла мяне, каб я арганізаваў школу, бо гэта ж мая ідэя і трэба яе ажыццяўляць. З гэтага ўсё пачыналася. Будынак далі, але што рабілася ў будынку тут нават жахліва ўспамінаць. Усё пабітае, шкло пабітае, паталок цячэ, падлога нейкая гнілая і і шмат іншага. Але ўсе гэтыя праблемы былі пераадоленыя і ў 1988 годзе школа выяўленчага мастацтва г. Пінска пачала сваю працу. Шмат добрых успамінаў у мяне засталося з таго часу. Больш за ўсё ўспамінаю вучняў. Калі я быў дырэктарам, то на руках у мяне быў спіс, хто і дзе навучаецца з нашых выпуснікоў. Адзначу, што 46 вучняў за час майго кіраўніцтва школай навучаліся ва ўстановах мастацкай адукацыі, і шмат хто з іх звязаў свае жыццё з выяўленчым мастацтвам. Калі прыйшла новая ўлада, то я стаў для іх непажаданаю асобай, ды і школа моцна стаяла на нагах. У 1997 годзе мяне па палітычных матывах звалняюць з пасады дырэктара і я пакінуў школу. Тыя людзі якія гэта зрабілі любяць прыйсці на гатовае і як паказвае гісторыя, то пасля зруйнаваць гэтае ж гатовае. На сёняшні дзень ніхто не ведае перспектывы школы, бо ніхто гэтым не займаецца, ніхто ня глядзіць далей аднаго дня . А перспектыва развіцця школы была вельмі моцная.
Што датычыцца самой даты – 20 год, то думаю, што ў духоўным жыцці кіраўніцтва нашага горада і ”дзеячаў мастацтва” горада існаванне школы нічога не змяніла.
Дзякуй.Спадзяюся, што пасля вяртання з ЗША, Яўген Сяргеевіч абавязкова распавядзе нам, як яно там было.
Пажадаем Яўгену Сяргеевічу поспехаў і плённай працы!
Яўген ШАТОХІН нарадзіўся 25 лютага 1947 года. З 1965 па 1973 г.г - атрымаў адукацыю ў Арлоўскім педагагічным інстытуце і Харкаўскім мастацка-прамысловым інстытуце (сучасная Украінская акадэмія дызайна і мастацтваў).
Ужо з 1972 году наш зямляк прымае актыўны ўдзел ва ўсесаюзных, рэспубліканскіх і замежных выставах. З 1982 года Яўгеній Сяргеевіч - сябра Саюза мастакоў СССР, а з 1991 года сябра Беларускага Саюзу мастакоў. У 1988 годзе заснаваў дзіцячую школу выяўленчага мастацтва ў г. Пінску. Сябра Сойму Кансерватыўна Хрысціянскай Партыі –БНФ ”Адраджэнне”, адзін з кіраўнікоў і стваральнікаў Пінскай суполкі КХП-БНФ ”Адраджэнне”. З 1990 па 1999 г.г. - дэпутат Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў - старшыня камісіі па культуры, справах рэлігіі і спорту. Стыпендыят майстэрні "Альтэна" у г. Альтэна (Нямеччына)
У 1993 годзе атрымоўвае медаль Conseiller General a Corbie (France).У 1997 годзе звольнены з пасады дырэктара школы па палітычных матывах, у гэтым жа атрымоўвае прыз Соnsieller General a Peronne (France). У 2003 годзе атрымоўвае званне Ганаровага грамадзяніна горада Albert (France).
З 2004 года - сябра праўлення Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага Саюза мастакоў, у гэтым жа отрымоўвае медаль Беларускага Саюзу мастакоў "За заслугі ў выяўленчым мастацтве".Вацлаў ПАСПАЛІТЫ