Гэта юбілейная выстава дэманстравалася ўжо ў Мінску і некалькіх гарадах краіны. Яе адметнасць у тым, што ў экспазыцыі прадстаўленыя выключна графічныя творы, у тым ліку значная калекцыя малюнкаў пэндзлем, чаго практычна немагчыма ўбачыць у сучасным мастацкім свеце.
Яўген Шатохін, адзін з пачынальнікаў беларускага Адраджэння, сябра вядомай мастацкай суполкі ”Пагоня”, адкрывае гледачам тую Беларусь, якую нельга не любіць. Гэта і роднае Палессе, і краявіды Віцебшчыны, выявы жыхароў Паазер’я.
Прыцягвае ўвагу распачатая галерэя партрэтаў выбітных творцаў краіны, нашых сучаснікаў. Бліскучая нізка, прысвечаная народнаму беларускаму паэту Рыгору Барадуліну аздоблена спецыяльна напісанымі вершамі кандыдата на Нобеля. Лаўрэат французкіх прэмій, ганаровы грамадзянін горада Альбер, Яўген Шатохін паказвае віцеблянам прыгажосць і гэтай еўрапейскай краіны.
Попытам карыстаўся на адкрыцці выставы густоўна зроблены каталог мастака, у якім удзячны вучань не пашкадаваў дэфіцытнага месца для сваіх настаўнікаў. У самога Яўгена Сяргеевіча таксама багата таленавітых вучняў. Ён быў заснавальнікам і дырэктарам Пінскай дзіцячай школы выяўленчага мастацтва, адкуль яго звольнілі па палітычных матывах.
Выстава ў Віцебску 17-я па ліку, на якой працы творцы, адмечанага медалём Беларускага саюза мастакоў ”За заслугі ў выяўленчым мастацтве”, могуць пабачыць жыхары Паазер’я. Як заўважыў Яўген Шатохін, нават на роднай Берасцейшчыне ён выстаўляўся амаль у тры разы менш. А ўсяго мастак удзельнічаў у некалькіх дзесятках выставаў у розных краінах свету. Ягоныя графічныя аркушы і акварэлі знаходзяцца ў музеях Беларусі і Еўропы, а таксама ў прыватных калекцыях аматараў мастацтва чатырох кантынэнтаў.

Алена ГРЫНЯВІЦКАЯ