MyPinsk.com > Культура и искусство > Забойства Скірмунта

Забойства Скірмунта


22 апреля 2008. Разместил: Вацлаў Паспаліты
Забойства Скірмунта 25 красавіка 2008 года спаўняецца 140 год нашаму вядомаму земляку Раману Скірмунту, выбітнаму дзеячу нацыянальна-вызваленчага руху, палітыку, выдатнаму гаспадару. Жыццё і дзейнасць Рамана Скірмунта – гэта станаўленне беларускай нацыі, набыццё незалежнасці...
У гонар яго 140 годдзя на нашым сайце на працягу месяца публікуецца па частках праца пра Р.Скірмунта, якую падрыхтавалі: Зміцер КІСЕЛЬ, Максім ФАРЦЮК і Віктар ЯРОМІЧ.
Сёння мы азнаёмімся з апошняй чацвёртай часткай "Забойства Скірмунта"

18 сакавіка 1921 года быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор. Па дагавору Польшчы адыходзіла значная частка Беларусі – 113 тыс. квадратных км з насельніцтвам звыш 4 млн. чалавек. За БССР захавалася толькі шэсць паветаў Мінскай губерні у якіх пражывала звыш 1,6 млн. чалавек.

У пачатку 1922 радыкальна настроеныя дзеяч вызваленчага руху Беларусі выступілі за стварэнне Беларускай улады ў межах Заходняй Беларусі. Патрабаванне было выканана. Варшава стварыла Беларускі Польскі Клуб. БПК стаў прэдстаўніцкай палатай у сойме Польшчы. У якасці апазіцыі Польскаму сойму ствараецца Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (БСДП) у ЦК якой увайшлі А.Луцкевіч, С.Рак-Міхайлоўскі. Тарашкевіч абраны дэпутатам БПК.
Перад выбарамі 1922 г. Р.Скірмунт разам з Янам Сянкевічам і Зыгмунтам Корсакам стварылі рэгіянальны выбарчы блок “Краёвае аб’яднанне Палесся”. У друку сустракаецца таксама неафіцыйная назва блока – “Хлебаробы-русіны”. Магчыма, у гэты перыяд Р.Скірмунт быў захоплены “хлебаробскімі” ідэямі славутага ўкраінскага філосафа і гісторыка Вячаслава Ліпінскага (1882-1931). У барацьбе за стварэнне незалежнай Украінскай дзяржавы апошні рабіў стаўку на “хлебаробаў”, г.зн. на заможнае сялянства і землеўладальнікаў. Менавіта яны, на думку В.Ліпінскага, павінны былі стаць той кіруючай сілай, якая здолее павесці за сабой усе іншыя колы грамадства ў дзяржавастваральнай працы. У адрозненні ад сацыялістычных лідэраў Украінскай Цэнтральнай Рады і Дырэкторыі УНР ён не лічыў магчымым развіваць нацыянальна-вызваленчы рух пераважна на падмурку ідэі сацыяльнага вызвалення. Будучыню Украінскай дзяржавы В.Ліпінскі звязваў з аднаўленнем інстытута гетманства. Дарэчы, вядома, што ўжо згаданыя Ян Сянкевіч і Зыгмунт Корсак таксама былі манархістамі.
Афіцыйная назва выбарчага блока (“Краёвае аб’яднанне Палесся”) прымушае ўспомніць асаблівасці палітычнай пазіцыі Р.Скірмунта напачатку яго палітычнай дзейнасці. Нагадаем, што распачыналася яна ў перыяд рэвалюцыі 1905 – 1907 г. У той час Р.Скірмунт належаў да “краёвага” накірунку польскага руху ў Беларусі і Літве.
Краёвасць як феномен палітычнага жыцця была цалкам перакрэслена ў 1918 г., калі ў выніку ўзнікнення незалежных Літвы і Польшчы, а таксама ў выніку бальшавіцкай экспансіі на беларускія землі “Край” аказаўся падзеленым паміж некалькімі дзяржавамі. Аднак краёвасць як своеасаблівы рэгіяналізм па-ранейшым прысутнічала ў свядомасці Рамана Аляксандравіча Скірмунта.

У справаздачы паліцыі, якая збірала інфармацыю пра перадвыбарчыя сходы розных палітычных груповак, адзначалася, што на мітынгу, арганізаваным Краёвым аб’яднаннем 1 кастрычніка 1922 г. прысутнічала каля 200 чалавек. Выступіўшыя Раман Скірмунт і Ян Сянкевіч падкрэслівалі надпартыйнасць Краёвага аб’яднання і заклікалі прысутных падтрымаць толькі той выбарчы спіс, у якім будуць кандыдаты, добра вядомыя мясцоваму насельніцтву. Яны папярэджвалі, што на Палессе з агітацыйнымі мэтамі прыехала шмат нікому невядомых агітатараў, якія імкнуцца падмануць людзей, каб патрапіць у сейм і сенат. Прадстаўнікі Краёвага аб’яднання сцвярджалі, што чужынцы ніколі не будуць клапаціцца пра патрэбы мясцовага насельніцтва.

З матэрыялаў іншай паліцыйнай справаздачы можна зрабіць выснову, што Краёвае аб’яднанне дзеля стварэння годнай канкурэнцыі дэмакратычнаму “Дзяржаўнаму аб’яднанню на крэсах” (адным з яго лідэраў з’яўляўся Генеральны камі-сар грамадзянскага кіравання Усходніх земляў Ежы Асмалоўскі) заключыла пагадненне з мясцовымі нацыянальнымі дэмакратамі і польскай хадэцыяй. Агульным лозунгам стаў заклік абароны інтарэсаў Палесскага краю. У выніку дамоўленасці былі складзеныя г.зв. “краёвыя спісы”. Гэтая інфармацыя здзіўляе, бо гісторыкам добра вядома тая ўзаемная варожасць, якая традыцыйна падзяляла краёўца Р.Скірмунта і нацыянальных дэмакратаў. Аднак сур’ёзна аднесціся да паліцэйскага дакумента прымушае рапарт пінскага старасты: партыя “Краёвае аб’яднанне Палесся” агітацыю вядзе слаба. Яна атрымлівае прыхільнікаў не агітацыяй, а дзякуючы перакананню часткі насельніцтва – электарата нацыянальна-дэмакратычнай партыі, якую Краёвае аб’яднанне прадстаўляе на тэрыторыі Пінскага павету”.
У чэрвені 1925 года дэпутат Браніслаў Тарашкевіч стварае Беларускую сялянска-рабочую грамаду БСРГ, якая стала моцным сацыял-дэмакратычным рухам за ўсю гісторыю Беларусі. За некалькі месяцаў яе склад налічваў 120 тысяч беларусаў, БСРГ стала моцным апазіцыйным цэнтрам для Польшчы і амаль пачала кантроль на землях Заходняй Беларусі. На яе базе ўзнікла Таварыства Беларускай Школы, Беларуская Сувязь Студэнтаў, выдавалася 4 газеты і адзіны часопіс. Тарашкевіч стварыў сацыял-дэмакратычны рух Заходняй Беларусі і разгарнуў да небывалых памераў. Асноўныя гарадскія суполкі БСРГ узніклі ў Гродні, Лідзе, Вільні, Брэсту, Беластоку, Пінску і Баранавічах. Кожны месяц за кратамі апыняліся ля 1 тысячы сяброў БСРГ, але гэта не спыняла рост аўтарытэта партыі. Браніслаў Тарашкевіч заявіў у сойме Польшчы, што яго партыя вядзе змаганне супраць дыктату Пілсудскага, супраць узурпацыі зямель Беларусі, за абарону мовы, гісторыі, культуры, народных патрэб і пабудову дэмакратычнай Беларусі ўз’яднанні з БССР, за вяртанне прынятай у лістападзе 1918 года Канстытуцыі БНР.
Напачатку выбарчай кампаніі шанцы Краёвага аб’яднання ацэньваліся паліцыяй вельмі сціпла: “Краёвае аб’яднанне Палесся, якім кіруюць Раман Скірмунт і Ян Сянкевіч, мае мізэрную колькасць прыхільнікаў сярод мясцовага насельніцтва. З дапамогай шляхты і малога працэнту чыноўнікаў яны імкнуцца заснаваць гмінныя арганізацыі, але, зыходзячы з той дзейнасці, якая праводзілася да гэтага часу, не могуць разлічваць на абранне свайго кандыдата ў сейм”. Аднак паступова блок новых “краёўцаў” значна актывізаваў уласную выбарчую кампанію. І гэта таксама адлюстравалася ў матэрыялах паліцыі: “Краёвае аб’яднанне зараз дзейнічае інтэнсіўна, не шкадуючы фінансавых сродкаў і распаўсюджваючы вялі-кую колькасць агітацыйных лісткоў”. Чыноўнік паліцыі выказваў думку, што дэпутатам сейма можа стаць Раман Скірмунт, які мае велізарную папулярнасць “сярод шырокіх колаў шляхты і ў часткі мясцовага насельніцтва”.

Трэба адзначыць, што поспехі Краёвага аб’яднання напалохалі канкурэнтаў. У выніку ў друку распачаўся сапраўдны пераслед Р.Скірмунта, якому ўспомнілі і кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікай і выступы ў падтрымку беларускіх школ і інш. Магчыма, што гэтая прапаганда непасрэдна прычынілася да паражэння Р.Скірмунта і ягонага блоку. За “краёвы спіс”, паводле паліцэйскай справаздачы, прагаласавала толькі 8 767 выбаршчыкаў (3,71% галасоў). Але няўдачай скончыліся выбары і для Дзяржаўнага аб’яднання на крэсах. Блок Е.Асмалоўскага набраў 5,23% галасоў (12 343). Перамаглі ППС і “Вызваленне”, якія разам атрымалі 114 021 галасоў (больш за 50%). Той жа паліцэйскі чыноўнік заўважыў, што выбарчыя блокі Е.Асмалоўскага і Р.Скірмунта знайшлі падтрымку толькі сярод часткі польскага насельніцтва Палесся. Мясцовае сялянства не выказала ім даверу.

Выбарчая кампанія Краёвага аб’яднання Палесся патрабуе далейшага вывучэння на падставе аналізу непасрэдна выбарчых матэрыялаў. Паразуменне Р.Скірмунта з нацыянальнымі дэмакратамі, нягледзячы на тое, што яно пацвярджаецца матэрыяламі мясцовых органаў улады, патрабуе далейшай праверкі. Занадта вялікая палітычная і ідэалагічная дыстанцыя заўсёды падзяляла былога кіраўніка БНР і сяброў партыі Рамана Дмоўскага. Да таго ж згаданыя абвінавачванні Р.Скірмунта ў недастатковым польскім патрыятызме вельмі нагадваюць нападкі эндэцыі на гэтага палітыка яшчэ ў “расійскі перыяд” ягонай дзейнасці. Вядома, што лідэр нацыянал-дэмакратычных сіл Беларусі Фабіян Акінчыц звяртаўся да Рамана Скірмунта. Прапаноўваў яму падтрымаць Беларускую Нацыянал-Сацыялістычную Партыю.
У 1930 годзе на прасторах Зап.Беларусі Фабіян Акінчыц стварае Беларускую Нацыянал-Сацыялістычную Партыю (БНСП). БНСП гэта беларуская нацыяналістычная арґанізацыя, якая існавала з 1930 па 1943 год. Як вядома ў 1930 годзе адбываюцца выбары ў Польскі парламент. Фабіян Акінчыц прапаноўвае Раману Скірмунту ісці на выбары ад імя БПНС, але Скірмунт адмаўляецца.
На выбарах 1930 г. Р.Скірмунт пайшоў на выбары ад ББСУ (безпартыйны блок) у Палескім ваяводстве. Пасля перамогі блока ён стаў сенатарам, уваходзіў у Вайсковую камісію, некалькі разоў выступаў у Сенаце з заканадаўчымі прапановамі.
Пасля 1935 г. паступова Раман Скірмунт адышоў ад грамадскай і палітычнай дзейнасці і паглыбіўся ў гаспадарчыя праблемы роднага Парэчча. Пасля 1935 г. яго імя практычна не сустракаецца на старонках мясцовага друку і ў архіўных дакументах. Варта нагадаць, што 25 красавіка 1935 г. Р.Скірмунту споўнілася 67 гадоў. Тым не менш, на Піншчыне ён заставаўся ўплывовым і аўтарытэтным чалавекам. Многія вядомыя палітыкі наведвалі Парэчча ў гэты перыяд. Можна меркаваць, што іх прываблівала не толькі паляванне ў лясах на берагах Ясельды.
Раман Скірмунт, як мы бачым з’явіўся моцным лідэрам, выбітным палітыкам і цяжка уявіць гісторыю Беларусі дадзенага перыяда без яго. Кожны рух, кожная партыя імкнулася заручыцца падрымкай Скірмунта – БНСП, БХД, БСРГ і інш... Раман Скірмунт, быў чалавекам, які мог быць першым беларускім прэзыдэнтам. І ён цалкам адпавядаў бы гэтай ролі, бо быў разумным і добра адукаваным, меў вялікі палітычны і жыццёвы досвед, ня быў абцяжараны ідэалягічнымі догмамі, любіў Беларусь і шукаў у палітычнай дзейнасьці не ворагаў, а сяброў

СМЕРЦЬ І УШАНАВАННЕ ПАМЯЦІ
РАМАНА СКІРМУНТА



Дэпрэсіўнай і напружанай выдалася восень 1939-га. Смуга з самага ранку ахінула палескую далеч з яе бясконцымі старажытнымі балотамі і лясамі. Пад гэтай белай непрагляднай коўдрай немагчыма было адшукаць былыя шляхі ні на захад ні на ўсход.
Ужо вёска прачнулася і ва ўсю задымела сваімі трубамі, быццам нейкі вялікі параход, але, негледзячы на гэтае, на двары стаяла цішыня. Побач з вёскай знаходзіўся панскі маёнтак і неверагоднай цудоўнай прыгажосці парк, які шчыльна зліўся з навакольнай прыродай краю. Па яго сцежках у гэты ранішні час хадзіў ужо немалады памешчык. Спыніўся ён толькі каля вялікага камня на перакрыжаванні. Скірмунт зноўку, як і кожны дзень жыцця, хацеў наладзіць сябе на бурлівыя грамадскія і ўласныя справы, але менавіта сёньня гэта яму не ўдалося. Тады думкі-непаседы рынуліся да насычаных успамінаў,сярод якіх і дзяцінства, і юнацтва, і сталасць, ад якой нельга схавацца, і ўвесь час работы і клопату аб Радзіме, аб людзях, што жывуць тут. Нібы сама прытомнасьць гэтага чалавека жадала яшчэ раз перажыць значныя непаўторныя моманты, пранесьціся колькі часу ад сучаснага да мінулага. Як захоплены ў палон, ён сядзеў ціха і амаль нерухома, узгадваючы букет сакавітых пачуццяў. І цёмнае находзіла ў гэты час на пана, як толькі ён успамінаў пра нядаўні арышт. Зруйнаваліся яго спадзяванні на будучае свайго роднага краю. “Я ж нікому ніякай крыўды не зрабіў. –– слізганула ў думках Рамана Скірмунта. –– “У чым мяне абвінавачваюць?”
А надвор’е тым часам ўжо змянілася: бясследна знікалі апошнія рэшткі смугі, восеньскае сонца пачало трохі грэць астуджаную за ноч зямельку. Не зусім абуджаныя халодныя хвалі павольнай шырокай ракі панесліся ў далечыню, як і думкі мірна адпачываючага немаладога памешчыка.
Хутка мінуў поўдзень. У маёнтку панавала цішыня і рабочы настрой. Але ўсё сапсавалася тады, калі хтосьці сільна загрымеў у дзверы і, не дачакаўшыся адказу, гвалтам уварваўся ў фамільнае гняздо Скірмунтаў. Калідор напоўніўся крыкамі і простай мужыцкай гаворкай. У пакой Рамана забег нізкарослы лысы мужычок з ружжом, убачыўшы памешчыка на месцы, закрычаў: “Ён тут мужыкі!!! Я паночку збегчы не даў!” За гэтым лысым забеглі яшчэ двое. Выгляд яны малі не самы лепшы: насілі ірванае адзенне, ад іх, мабыць, за кіламетр разіла гарэлкай, чырвоныя хваравітыя вочы, дзе даверлівасьць і дабрыня вадзілася рэдка ці ёй амаль не было, дрыготкія сухія рукі, што бандыцкім хватам трымалі зброю.
“Пойдземце з намі, пане, –– загутарыў лысы, –– жадаем з вамі прагуляцца з вамі”.
“Куды мне з вамі ісці? –– спытаў памешчык.
“Выконваць камісарскі загад”,–– усе мужыкі адказалі разам і ва ўсю зарагаталі.
Здагадаўся Раман навошта прыйшлі гэтыя мужыкі, куда яны павядуць яго было таксама зразумела, але не збаяўся, раўнадушна сказаў сваім палачам: “Дык пойдзем жа, паважанае спадарства”.
Мужыкі ніяк не маглі схаваць свайго задавальнення. З суседняга пакою яны вывялі Баляслава, які быў мужам сястры Алены. Панам загадалі ісці праз вёску, апошнім шляхам перад смерцю. Людзі павыхлдзілі з сваіх хат і з тугою глядзелі на пяць постацей, што рушылі да лесу. Жанчыны не ўтрымліваліся, плакалі. Праходзячы сярод вясковых хат, Раман успамінаў усё, што зрабіў для гэтага месца, як яго ўпрыгожваў, вёў асветніцкую дзейнасць, дапамагаў людзям, ратаваў ад агню мноства хат. Непакояць яго думкі аб хутка згасаючым лёсе беларусаў. “Я з вамі развітваюся на заўсёды...”–– пакідаючы межы двароў гаворыць Скірмунт да людзей, якія з вялікай надзеяй глядзелі калісьці, а цяпер са слязьмі ды са звязанымі рукамі нічым не дапаможуць.
Месцам кары быў абраны лес.
“Адвярніцеся ад нас!”–– загадаў лысы.
Баляслаў пачаў паслухмяна адварочвацца, але Раман схапіўшы яго за руку адказаў бандытам:
“Я ад людзей адварочвацца не буду. Я б вам не саветаваў гэтага рабіць, бо вы маладыя. Я ўжо аджыў свае гады...”
Пасля гэтых слоў двое з бандытаў не вытрымалі, пакідалі зброю. Толькі адзін, толькі адзін застаўся і завяршыў сваю крывавую справу.

Прайшлі тыя дні, а нам, нашчадкам, у спадчыну засталіся вялікія справы продкаў. Але чаму мы павінны вывучаць сваю гісторыю ў пыльных архівах, а не актыўна кантактуючы з ёю, не бачыўшы ўласнымі вачыма. Страціўшы гэтую сувязь, мы лічым яе нецікавай ці, больш таго, незразумелай. Адраджанне гэтай сувязі гэта галоўная мэта маладога пакалення Беларусі, якое хоча спасцігнуць усе таямніцы і невыразнасці, хоча жыць шчасліва і паспяхова, жыць ганарліва без сораму за краіну, мову, жыхароў.
Раман Скірмунт –– адзін з тых беларусаў, які узбагачаў нашу гісторыю, краіну. Менавіта з яго трэба браць прыклад, з яго працавітасці, філасофіі жыцця, загадкавасці і адначасова поўнай адкрытасці, з яго брацкіх адносін да людзей. Я разумею, што ніхто ўжо не паўторыць Рамана Скірмунта і не заменіць яго, але кожны з нас мае свой шлях і чаму б не зрабіць нам яго таксама такім жа насычаным, цікавым, прыгодніцкім. Навошта нам сыходзіць у цемру?..

28 кастрычніка 1939 года Рамана Скірмунта забілі тры мясцовых змагара за “яднанне” Беларусі. Магіла Скірмунта знаходзіцца ў в.Парэчча Пінскага р-на; у яго лесе. Ёсць шмат версій, што гэта не яго магіла. Можа гэта і не магіла Скірмунта, але сімвалічнае месца абавязана быць.
Доўгія 50 год на магіле не было ні крыжа, ні кветак...
У пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя дэмакратычныя актывісты паставілі жалезны крыж на магіле Рамана Скірмунта, які і па сённяшні дзень стаіць. Шлях да магілы Скірмунта не зарастае, а апошнія час туды вельмі імкнецца моладзь.
Актыўны удзел у эстэтычным афармленні магілы прынялі краязнаўцы А.Дуброўскі і Э.Злобін, мастак, грамадскі дзеяч Я.Шатохін, журналіст “Пінскага Весніка” В. Ільянкоў.
За апошнія 15 год Раману Скірмунту аддалі павагу і ўдзячнасць некалькі тысяч дзесяткаў людзей, наведаўшы яго месца пахаванне. Сярод іх такія вядомыя асобы, як Зянон Пазьняк ( вядомы гісторык, лідэр КХП-БНФ) і Аляксандр Мілінкевіч (вядомы палітычны дзеяч РБ), доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук.
1 верасня 2007 года ў Пінск прыехаў экс-кандыдат у прэзідэнты РБ А.Мілінкевіч для таго, каб прыняць удзел у рэстаўрацыі могілак рода Скірмунтаў па вул.Спакойнай. Пасля акцыі Аляксандр Мілінкевіч і Іна Кулей накіраваліся на магілу Рамана Сікрмунта. Калі прыехалі на магілу, Аляксей Дуброўскі правёў усім экскурсію па парку, што засадзіў Раман Скірмунт. Аляксандр Мілінкевіч і Іна Кулей усклалі кветкі і вянок на магілу вялікага нацыянальнага героя - Рамана Скірмунта! Некалькі цёплых слоў пра Рамана Аляксандравіча, мінута маўчання ў гонар ахвярам рэпрэссій.
Яшчэ не адзін дзесятак людзей прыйдзе да магілы знакамітага сына Беларусі, каб прыльнуць да каранёў, каб паслухаць песню стагоддзяў.


ЛІТАРАТУРА:

Архіўныя дадзеныя прэдстаўленыя краязнаўцам Эдвардам ЗЛОБІНЫМ;

СКІРМУНТ Тэрэза - “Скірмунт герба дуб” – гісторыя рода Скірмунтаў , 1978 год, перапісана ў 1985 годзе /Варшава/

Даведка ад Цэнтральнага Дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы аб жыцці і дзейнасці бацькі Рамана Скірмунта Аляксандра Скірмунта;

Гістарычныя нататкі ўзятыя з выдання “Палессе” на польскай мове;

ІЛЬЯНКОЎ В. “Трагедыя рода Скірмунтаў”, “Пінскі веснік”, 1993 г.

Гістарычныя працы даследчыка А. СМАЛЕНЧУКА;

Запісы з мясцовымі жыхарамі в.Парэчча, зробленыя гісторыкам Алесем СМАЛЕНЧУКОМ і Алесяй СІДЛЯРЭВІЧ;

Выпіскі з гістарычнага артыкула Андрэя РЫЛКІ “Cын палескай зямлі”;

Выпіскі з артыкула Аляксандара ІЛЬІНА.