
Жыццё і дзейнасць Рамана Скірмунта – гэта станаўленне беларускай нацыі, набыццё незалежнасці...
25 красавіка 2008 года спаўняецца 140 год нашаму вядомаму земляку Раману Скірмунту, выбітнаму дзеячу нацыянальна-вызваленчага руху, палітыку, выдатнаму гаспадару. Менавіта таму ў гонар яго 140 годдзя на нашым сайце на працягу месяца публікуецца па частках праца пра Р.Скірмунта, якую падрыхтавалі:
Зміцер КІСЕЛЬ,
Максім ФАРЦЮК і
Віктар ЯРОМІЧ.
Сёння мы азнаёмімся з другой часткай "Палітычная дзейнасць Р.Скірмунта з 1914 па 1917 год."
Першая сусветная вайна 1914-1918 гг., у якой удзельнічала 28 краін з насельніцтвам больш 1,5 млрд. чалавек, была вайной захопніцкай, накіраваная на падзел уплыву на сусветным рынку. У выніку непрымірымых эканамічных і палітычных супярэчнасцяў паміж імперыялістычнымі краінамі ў канцы 19 пачатку 20 стагоддзя паўсталі два блока. Траісты саюз аб'ядноўваў Нямеччыну, Італію і Аўстра-Венгрыю, а Антанта аб'ядноўвала Вялікабрытанію, Францыя і Расію. Для пачатку вайны з'явілася напружанасць паміж Аўстра-Венгрыяй і Сербіяй. Пачалася вайна пасля забойства сябрамі "Маладой Босніі" аўстра-венгерскага прынца Ф.Фердынанда. Аўстра-Венгрыя абвясціла вайну Сербіі. Расія пачала неадкладную мабілізацыю войскаў. 1 жніўня 1914 года Нямеччына абвясціла вайну Расіі, а затым і Францыі. У сваю чаргу Вялікабрытанія абвясціла вайну Нямеччыне, якую падтрымала Асманская імперыя.
Беларускія палітычныя сілы занялі розныя пазіцыі ў дачыненні да вайны. Праўрадавыя сілы ўсіх пластоў заклікалі народ Беларусі стаць на абарону "цара і бацькаўшчыны". Былі арганізаваны мітынгі, дэманстрацыі ў падтрымку вайны. Асабліва жыхары Магілёва вельмі падтрымалі вайну. Мінскія студэнты выказалі сваю пэўнасць і падтрымку цару. 30 жніўня 1914 года ў Пінску прайшла адна з самых вялікіх грамадзянскіх дэманстрацый у падтрымку вайне, у ёй прыняло ўдзел да 7 тысяч жыхароў Пінска, а гэта пры тым, што насельніцтва горада было да 18 тысяч. Меньшавікі, заклікаючы пралетарыят і сялянства да абароны бацькаўшчыны, сталі асуджаць паўстанні і працоўны рух. Эсэры гаварылі аб неабходнасці "прыняць гэтую вайну" і "дапамагчы войскам нанесці перамогу над Нямеччынай". Для гэтага быў створаны Ваенна-рэвалюцыйны саюз (ВРС), які вельмі актыўна падтрымліваў і абслугоўваў фронт. Бальшавікі высунулі канцэпцыю, што вайна павінна перарасці ў вайну прыгнечаных народаў супраць буржуяў.
Да кастрычніка 1915 года фронт стабілізаваўся на лініі Двінск - Паставы, Баранавічы - Пінск. Немцы ўвялі жорсткія ўмовы для мясцовага насельніцтва, вялікія паборы, падаткі, штрафы. Маладых людзей вывозілі на працу ў Нямеччыну, ствараліся лагеры.
У цяжкім становішчы апынулася сельская гаспадарка Беларусі. Большая палова працаздольных мужчын беларускай вёскі была мабілізавана і адпраўлена на фронт. З Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў было прызвана ў армію каля 700 тысяч чалавек. За час вайны скараціліся пасяўныя плошчы Беларусі: жыта на 19%, пшаніцы – на 22%, бульбы – на 35%.
Па ўсёй Еўропе, як і па Беларусі пракацілася хваля тыфу, халеры, чумы выкліканыя вайною. Ад гэтых хваробаў памерла некалькі сот тысячаў мірных жыхароў Беларусі.
У гэты складаны момант нацыянальна-дэмакратычныя сілы Беларусі паставілі пэўныя мэты і задачы: стварэнне нацыянальнага войска, нацыянальнай дзяржавы і не даць магчымасці падзяліць Беларусь. Вялікім ударам з боку нямецкай акупацыйнай адміністрацыі па нацыянальнаму руху было зачыненне "Нашай Нівы" пад рэдактарствам Янкі Купалы. Нямецкая, як і царская адміністрацыя ў 1915 году пачалі разгон нацыянальных аб'яднанняў, газет і інш. Але ўжо ў пачатку 1916 года на тэрыторыі, якая была, пад акупацыяй Нямеччыны разгарнуўся нацыянальна-вызваленчы рух. Сярод выбітных дзеячаў нацыянальна-вызваленчага руху быў Раман Скірмунт. Нацыянальныя дзеячы не засталіся абыякавымі і рызыкуючы сваім жыццём пачалі барацьбу за міжнароднае прызнанне правоў беларусаў.
Раман Скірмунт, Вацлаў Ластоўскі і Антон Луцкевіч прапанавалі абнаўленне Вялікага княства Літоўскага (ВкЛ), дзеля гэтага былі зроблены спробы стварэння канфедэрацыі Літва-Беларусь, але нямецкае кіраўніцтва не пайшло на гэта. Таксама аднаўленне ВкЛ не вельмі спадабалася літоўцам, бо Вацлаў Ластоўскі, які галоўны ідэолаг аднаўлення, выказаў канцэпцыю, што ВкЛ – беларуская дзяржава. Каб не узнікла новых дзяржаўных утварэнняў Літвы і Беларусі, нямецкая адміністрацыя захапіўшы Вільню абвясціла, што землі Літвы і Беларусі будуць падпарадкоўвацца “Польскай Кароне”. Польская інтэлегенцыя пачала паланізацыю Літвы і Беларусі. Літоўскія нацыянальныя дзеячы, каб супрацьстаяць паланізацыі стварылі Літоўскі нацыянальны камітэт (ЛНК). ЛНК пачаў моцны нацыянальна-вызваленчы рух. У Літве пачалася прапаганда ідэі аб нацыянальнай незалежнасці і пабудовы сваёй дзяржаўнасці. Услед за літоўскімі сябрамі беларускія дзеячы ствараюць аналагічны ЛНК Беларускі народны камітэт (БНК) які узначаліў Раман Скірмунт. Беларускі народны камітэт распачынае працу па прапагандзе ідэі незалежнасці і самавызначэння народа, а таксама барацьбу за прызнанне Беларусі на міжнароднай арэне. У 1916 годзе лідэр БНК Раман Скірмунт разам з актыўнымі сябрамі БНК Антонам Луцкевічам і Вацлавам Ластоўскім накіраваліся ў Стакгольм. У Стакгольме праходзіла канферэнцыя народаў Еўропы, дзе абмяркоўваліся пытанні аб прызнанні незалежнасці. Беларуская дэлегацыя выступіла, але сітуацыя ў адносінах да прызнання незалежнасці Беларусі не змянілася. Але трэба адзначыць, што пасля удзелу беларусаў у гэтай Стакгольмскай канферэнцыі беларускі нацыянальны рух значна ажывіўся. Былі адкрыты беларускія школы, пачалося выданне беларускамоўных газет, часопісаў, кніг. Стала выходзіць газета “Гоман”. Беларускі народны камітэт зрабіў цэлую сетку арганізацый па Беларусі, якія займаліся асветай, прапагандай нацыянальных каштоўнасцей пад началам БНК. Такімі арганізацыямі былі “Беларускі клуб”, згуртаванне “Золак”, “Навуковае таварыства”, “Беларускі вучыцельскі саюз” і іншыя.
У чэрвені 1916 года БНК зноў накіраваў дэлегацыю ад Беларусі на міжнародную канферэнцыю што адбылася ў Лазане. На гэты раз нацыянальныя дзеячы звярнуліся да ўсіх цывілізаваных людзей свету з просьбай дапамагчы беларускаму народу свабодна жыць на сваёй Бацькаўшчыне, стаць гаспадарамі на сваёй уласнай зямлі.
Нічога не добрага не адбылося... Акупацыйны рэжым пачаў яшчэ больш жорсткую палітыку, рэквізіцыі хлеба, мяса, фуражу абракалі сотні тысячаў беларусаў на галодную смерць. Расійскі і нямецкі урад забараняе дзейнасць нацыянальных арганізацый і не прызнае існаванне беларусаў, як нацыю. У перыяд з 1914 па 1916 год у Нямеччыну было вывезена калі 25 тысяч маладых беларусаў, а за вясну 1917 года 15 тысяч! Вёскі і гарады Беларусі былі ахоплены полымям вайны. Каб хоць неяк дапамагчы землякам Антон Луцкевіч, Вацлаў Ластоўскі і Раман Скірмунт ствараюць Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Узначаліў таварыства Раман Скірмунт, які ахвяраваў свае уласные грошы у касу таварыства. Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны дапамагло некалькі тысячам беларусаў абараніць свае правы на жыццё, абараніць сваю гаспадарку, не памерці ад голаду і знайсці прытулак для жыцця. Амаль усе бежанцы з Мінска звярталіся за дапамогай да Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Таварыства стварала прыюты для бяздомных, умовы для жыцця бежанцам, медыцынскую дапамогу і інш.
Калі ў 1916 годзе Беларусь пачалі разрываць на дзве часткі Нямеччына і Расія Вацлаў Ластоўскі стварае радыкальнае аб’яднанне Саюз незалежнасці і непадзельнасці Беларусі (СННБ). Вацлаў Ластоўскі выказаў асноўну ідэю – абараніць Беларусь, захаваць яе межы і каштоўнасці.Пад СННБ пачалі стварацца мелкія народныя атрады самааховы. Таксама Вацлаў Ластоўскі пайшоў на добрыя зносіны з дзеячамі літоўскага нацыянальна-вызваленчага руху. У пачатку 1917 года Беларускі народны камітэт пад началам Скірмунта пайшлі на дамову з Літоўскім нацыянальным камітэтам аб утварэнні агульнай літоўска-беларускай дзяржавы. Літоўскі нацыянальны камітэт поўнасцю парваў сувязь з польскім і яўрэйскім нацыянальным камітэтам, прызнаў толькі Беларускі народны камітэт. У 1917 годзе ЛНК утварыў у Вільні Літоўскую дзяржаўную раду (Тарыбу). Тарыба з’явілася галоўным дзяржаўным органам Літвы. У склад Літоўскай дзяржаўнай рады увайшлі прадстаўнікі Беларускага народнага камітэта: Раман Скірмунт, Вацлаў Ластоўскі, Антон Луцкевіч і інш. Літоўская рада прадставіла сваім беларускім сябрам месца ў Літоўскім урадзе, дзеля сумеснай барацьбы за незалежнасць. У 1916-1925 гадах паміж Літоўскім і Беларускім нацыянальным рухам былі усталяваны вельмі цёплыя адносіны. А асобна ў 1918-1922 годзе літоўскія сябры першыя прызналі незалежную Беларусь і разам з намі змагаліся за нашую светлую будучыню. Дзякуючы сябрам БНК адбылося такое цеснае супрацоўніцтва. У будучым нацыянальныя дзеячы Літвы і Беларусі пад началам Вацлава Ластоўскага будуць рабіць спробы па стварэнню агульнага войска, агульнай паліцыі для вызвалення ад бальшавікоў і немцаў. Ластоўскі разам з нацыянальнымі дзеячамі Літвы створыць Вольны Беларускі стралковы корпус з колькасцю жаўнераў звыш за 3 тысячы чалавек. У 1919 годзе Літоўская Народная Рэспубліка і Беларуская Народная Рэспубліка распачнуць сумесную вызваленчую барацьбу пад лозунгам “Ні польскіх паноў, ні маскоўскіх камуністаў!”.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі Беларуская Сацыялістычная Грамада адразу аднавіла сваю дзейнасць, паўстала мноства нацыянальна-дэмакратычных арганізацый.
У Беларусі да лютага 1917 года дзейнічалі дзве наймацнейшыя нацыянальныя арганізацыі Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны пад кіраўніцтвам Рамана Скірмунта і Саюз незалежнасці і непадзельнасці Беларусі (СННБ) пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага.
Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны аб'ядноўвала некалькі сот дзесяткаў прадстаўнікоў інтэлігенцыі, службоўцаў, духавенства. Аднымі з актыўных дзеячаў Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны былі Павел Аляксюк, Аляксандр Левіцкі, Аркадзь Смоліч, Максім Багдановіч, Антон і Іван Луцкевічы, гэтыя жа усе дзеячы складалі Цэнтральную Раду таварыства.
Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны пад началам Рамана Скірмунта абвясціла сябе Беларускім нацыянальным камітэтам. БНК пачаў даволі энергічную прапагандысцкую працу, адраджэнне нацыянальнай культуры, папулізацыю ў грамадстве ідэі аб нацыянальнай незалежнасці, грамадзянскім праве. БНК 10 сакавіка 1917 года правёў першы беларускі, самастойны мітынг пад бел-чырвона-белымі сцягамі і лозунгамі "Жыве Беларусь!". На мітынг памкнулася каля 30 тысяч грамадзян перад якімі на беларускай мове выступілі Павел Аляксюк, Аркадзь Смоліч, Раман Скірмунт, У. Фальскій. Ф.Шантырь. Праз двое сутак, 12 сакавіка 1917 года Беларускі нацыянальны камітэт на чарговым мітынгу выказвае свае патрабаванні - дасягненне прызнання ў свеце Беларусі і правы на незалежнасць. Гэты мітынг выклікаў абурэнне і пратэст супраць БНК у Часовага Урада, якое не збіралася прызнаваць незалежную Беларусь. Бальшавікі наогул прынялі БНК як аб'яднанне польскіх паноў, а на прызнанне Беларусі выказалі "Беларусь з'яўляецца Заходнім бокам РСФСР і існаванне беларускай нацыі немагчыма!"
Беларускі нацыянальны камітэт выказаўся аб патрэбе нацыянальнага з'езду. 25-27 сакавіка 1917 года ў Мінску адбыўся з'езд Беларускіх нацыянальных арганізацый. Удзел у нацыянальным з'ездзе прыняло больш за 150/180 чалавек. Палітычны спектр з'езду быў прадстаўлены адроджанай Беларускай сацыялістычнай грамадой (БСГ) пад лідэрствам Аркадзя Смоліча, Каталіцкай дэмакратычнай партыяй (КДП) пад лідэрствам ксяндза Віцэнта Гадлеўскага, Народнай дэмакратычнай партыяй (НДП) пад лідэрствам Рамана Земкевіча, Саюзам незалежнасці і непадзельнасці Беларусі (СННБ) пад лідэрствам Вацлава Ластоўска, Беларуская Партыя Народных Сацыялістаў (БПНС) пад лідэрствам Рамана Скірмунта, а таксама прысутнічалі дробныя нацыянальна-дэмакратычныя таварыствы. З'езд прызнаў і прывітаў Лютаўскую рэвалюцыю і Часовы урад, а таксама выказаў неабходнасць барацьбы з немцамі і весці барацьбу за волю, справядлівасць і незалежнасць. Дэлегаты з'езду бачылі ў складзе Беларусі Мінскую, Магілёўскую, Гарадзенскую, Віцебскую, Віленскую, частку Смаленскай і Чарнігаўскай губерній. Дэлегаты з'езду выказалі свой пратэст Літоўскай нацыянальнай радзе, якая спрабавала аднесці Літве Вільнюс (зараз сталіца Літвы) і яго ускраіны. Таксама на з'ездзе было прынята рашэнне аб стварэнні ў Мінску Беларускай краявой рады (БКР). Да яе стварэння і выбараў у Раду з'езд нацыянальных арганізацый Беларусі абвясціў сябе вышэйшай краявой інстытуцыяй, а выканаўчым органам стаў Беларускі нацыянальны камітэт у кіруючы склад якога было абрана 18 чалавек. БНК абраў прэзідыўм з 5 чалавек: Раман Скірмунт (старшыня), Павел Аляксюк і Валер Фальскій (намеснікі Скірмунта), Лявон Заяц (скарбнік) і Браніслаў Тарашкевіч (сакратар). З'езд Беларускіх нацыянальных арганізацый даручыў БНК склікаць настаўніцкі і сялянскі з'езды, арганізаваць магутную прапагандысцкую працу, маштабнае выданне нацыянальных газет, кніг, часопісаў, заснаваць грамадства "Асвета". У "Асвеце" павінны працаваць вядомыя дзеячы беларускай культуры - Вячаслаў Ігнатоўскі, Вацлаў Ластоўскі, Максім Багдановіч, Янка Купала, і інш., якія прапагандавалі бы нацыянальныя традыцыі, гісторыю, мову і інш. "Асвета" была створана і з'явілася наймацнейшай сілай, якая несла ў народ нацыянальныя традыцыі, самавызначэнне. З'езд пастанавіў аб адкрыцці беларускамоўных школ, аб уводзінах на землях Беларусі адзінай беларускай мовы, як дзяржаўнай. Для таго, што бы сапраўды вызначыць карту этнаграфічнага рассялення беларусаў была створаная адмысловая камісія ў складзе вядомых навукоўцаў Любаўскага, Доўнар-Запольскага, Шахматава і Карскага.
З'езд Беларускіх нацыянальных арганізацый прыняў рашэнне правесці перамовы з Часовым урадам аб прызнанні БНК у якасці вышэйшага органа дзяржаўнай улады ў Беларусі. Дэлегацыю ад з'езду дэманстратыўна не прыняў Часовы ўрад.
Супраць Беларускага нацыянальнага камітэта пад лідэрствам Рамана Скірмунта выказаліся бальшавіцкія ўтварэнні: Мінскі камітэт Усерасійскага сялянскага саюза, выканкам Савета сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерній.
З'езд паказаў, што ў пачатку 1917 года адбываўся працэс кансалідацыі беларускага нацыянальнага руху.
У гэты момант Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ) узяла курс на мірнае рэфармаванне палітычнага ладу на Беларусі. Сябры Грамады вельмі хваляваліся за лёс Бацькаўшчыны, а асобна за тое, каб яна не была разарванай на дзве часткі паміж Германіяй і Расіяй. Беларуская сацыялістычная грамада выдавала грамадска-палітычную газету “Грамада”, якая несла ідэі БСГ у народ. БСГ падтрымала вядзенне вайны да перамогі, але пры гэтым сябры Цэнтральнай Рады БСГ рабілі ўсе намаганні па фарміраванню свайго нацыянальнага войска.
Вясной 1917 года пачала сваю дзейнасць Беларуская Партыя Народных Сацыялістаў (БПНС) лідэрам і адным з заснавальнікоў якой з’яўляўся Раман Скірмунт. БПНС імкнулася да прызнання незалежнасці Беларусі, нацыянальнага адраджэння, канфіскацыі зямель у польскіх паноў і расійскіх гаспадароў. БПНС з’явілася адной з арганізатараў нацыянальнага з’езда 25-27 сакавіка 1917 года.
8-12 ліпеня 1917 года ў Мінску адбываецца другі з’езд беларускіх нацыянальных сілаў. На з’ездзе дэлегаты выступілі за спыненне дзейнасці Беларускага нацыянальнага камітэта, што і адбылося. Змест БНК была створана Цэнтральная рада беларускіх арганізацый (ЦРБА). Узначаліў Цэнтральную раду беларускіх арганізацый Язэп Лёсік. ЦРБА падкрэсліла асноўныя свае патрабаванні і ідэі: развіццё культуры і мовы, арганізацыя беларускага войска і незалежнай дзяржавы.
Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух да канца лета 1917 года аб’ядноўваў вакол сябе ўсю беларускую інтэлігенцыю, а таксама самасвядомых беларусаў да якіх цягнуліся і простыя працуючыя. Людзі вельмі захапляліся вывучэннем невядомай раней ім гісторыі, культуры, мовы. Народ імкнуўся да будаўніцтва нацыянальна-дэмакратычнай дзяржаўнасці. Нацыянальныя партыі ў сярэднім налічвалі ад 2.000 да 3.500 сяброў. Напрыклад Беларуская Сацыялістычная Грамада на некаторым звесткам налічвала ў верасні 1917 года каля 8-9 тысяч сяброў, а Беларуская Партыя Народных Сацыялістаў каля 5 тысячаў сяброў. Вялася вялікая інфармацыйная прапаганда.Беларуская Сацыялістычная Грамада выдавала каля 8 сваіх пячатных выдання, сярод якіх “Наша Ніва”, “Гамада”, “Вольны Голас” і інш. Цэнтральная рада беларускіх арганізацый выдавала газету “Вольная Беларусь” рэдактарам якой быў кіраўнік ЦРБА Язэп Лёсік. “Вольная Беларусь” была накіравана на розныя грамадскія колы, але паўсюль несла і абуджала нацыянальную свядомасць.
25 кастрычніка 1917 года адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя. 2 лістапада ў Мінску была ўсталявана ўлада бальшавікоў.
Вялікая беларуская рада, Беларуская сацыялістычная грамада, Беларуская партыя народных сацыялістаў, Беларуская хрэсціянская дэмакратыя, Беларуская народная грамада і інш. не прызналі бальшавіцкую ўладу на Беларусі і рэвалюцыю ад 25 кастрычніка 1917 года. Нацыянальныя дзеячы лічылі гэта антыдэмакратычным бунтам бальшавікоў, які нясе дыктатуру, акупацыю і анархію.
ВБР, як нацыянальны цэнтр не прызнала Аблвыкамзах, які з’яўляўся вышэйшым адміністратыўным органам бальшавікоў на Беларусі. Беларускія дзеячы разглядалі яго як выключна франтавы орган, які не адказвае патрабаванням народа. Вялікая беларуская рада рабіла ўсе намаганні, каб пераканаць Аблвыкамзах у тым, што нацыя беларусы існуе, што мы маем права на незалежнасць. ВБР патрабавала спыніць ганьбу на мову, культуру і інш. Аблвыкамзах доўга ўсяго не трымаў і абвясціў жаданне беларусаў на самавызначэнне і незалежнасць як контррэвалюцыю.
ЛІТАРАТУРА:
Архіўныя дадзеныя прэдстаўленыя краязнаўцам Эдвардам ЗЛОБІНЫМ;
СКІРМУНТ Тэрэза - “Скірмунт герба дуб” – гісторыя рода Скірмунтаў , 1978 год, перапісана ў 1985 годзе /Варшава/
Даведка ад Цэнтральнага Дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы аб жыцці і дзейнасці бацькі Рамана Скірмунта Аляксандра Скірмунта;
Гістарычныя нататкі ўзятыя з выдання “Палессе” на польскай мове;
ІЛЬЯНКОЎ В. “Трагедыя рода Скірмунтаў”, “Пінскі веснік”, 1993 г.
Гістарычныя працы даследчыка А. СМАЛЕНЧУКА;
Запісы з мясцовымі жыхарамі в.Парэчча, зробленыя гісторыкам Алесем СМАЛЕНЧУКОМ і Алесяй СІДЛЯРЭВІЧ;
Выпіскі з гістарычнага артыкула Андрэя РЫЛКІ “Cын палескай зямлі”;
Выпіскі з артыкула Аляксандара ІЛЬІНА.