MyPinsk.com > Культура и искусство > “Я НЕ БУДУ АД ЛЮДЗЕЙ АДВАРОЧВАЦЦА...”

“Я НЕ БУДУ АД ЛЮДЗЕЙ АДВАРОЧВАЦЦА...”


27 марта 2008. Разместил: Вацлаў Паспаліты
"Палітычная дзейнасць Р.Скірмунта з 1905 па 1907 гг."

Жыццё і дзейнасць Рамана Скірмунта – гэта станаўленне беларускай нацыі, набыццё незалежнасці...
“Я НЕ БУДУ АД ЛЮДЗЕЙ АДВАРОЧВАЦЦА...” 25 красавіка 2008 года спаўняецца 140 год нашаму вядомаму земляку Раману Скірмунту, выбітнаму дзеячу нацыянальна-вызваленчага руху, палітыку, выдатнаму гаспадару. Менавіта таму ў гонар яго 140 годдзя на нашым сайце на працягу месяца будзе па частках публікавацца праца пра Р.Скірмунта, якую падрыхтавалі: Зміцер КІСЕЛЬ, Максім ФАРЦЮК і Віктар ЯРОМІЧ.
Сёння мы азнаёмімся з першай часткай "Палітычная дзейнасць Р.Скірмунта з 1905 па 1907 гг."

У 1905 годзе у невялікай брашуры, якая выйшла ў г.Львове Раман Скірмунт напісаў наступнае: “Акрамя тых, хто ўсімі сіламі імкнецца, як да роднай матулі, да Каралеўства Польскага, і асобаў, якія робяць стаўку на Расею, сярод шляхты ёсць група людзей, сэрцам і душой адданых сваёй Радзіме – Беларусі і Літве”.
Увосень 1905 года Раман Скірмунт намагаўся аб’яднаць шляхту беларуска-літоўскага паходжання. У лістападзе “Кур’ер літоўскі” змясціў дасланы Р.Скірмунтам зварот “Краёвай партыі Літвы і Русі”. Гэта была праграма палітычнай партыі. Распрацоўваў яе Раман Скірмунт зыходзячы з перакананняў, што беларуска-літоўская зямля мае ўласныя інтэрэсы і павінна мець уласную партыю. Праграма прапаноўвала паступовае ўвядзенне ўсіх палітычных свабод, роўнасць грамадзян перад законам. Развіццё нацыянальнай самасвядомасці, культуры, традыцый, адраджэнне края. Таксама прадугледжвалася бясплатная першапачатковая адукацыя, медыцынская дапамога і інш.
У канцы 1905 года Раман Скірмунт быў абраны думскім дэпутатам ад Мінскай губ. У Думе Раман Скірмунт увайшоў у “Тэрытарыяльнае кола”, якое стварылі польскія дэпутаты ад Беларусі і Літвы. Яны актыўна ўключыліся ў працу Думы. Р.Скірмунт быў выбраны сябрам аграрнай камісіі. Працаваць у ёй было няпроста. Пры абмеркаванні аграрнага пытання тон у Думе задавалі прыхільнікі радыкальных аграрных рэформаў. Відаць, пад уплывам думскага абмеркавання Раман Скірмунт адмовіўся ад сваёй катэгарычнасці. Напачатку траўня выданне “Кур’ер літоўскі” паведаміў грамадзянам аб пазіцыях на якіх грунтуецца дэпутат Раман Аляксандравіч Скірмунт.
У сярэдзіне траўня 1906 года Раман Скірмунт выступіў у Думе пры абмеркаванні аграрнай праблемы. Ён прызнаў неабходным “садзейнічаць паляпшэнню сялянскай гаспадаркі і павелічэнню плошчы сялянскага землеўладання”, але толькі не шляхам радыкальнай аграрнай рэформы. На ягоны погляд, перадача сялянам часткі памешчыцкіх земляў не вырашыць праблемы педнасці. Затое яна дасць падставы радыкалам патрабаваць адчужэння прыватнай уласнасці наогул. Р.Скірмунт прагназаваў эканамічны і культурны заняпад Беларусі і Літвы ў выпадку правядзення радыкальнай аграрнай рэформы. Ён моцна крытыкаваў праект “трудавікоў”, які прадугледжваў нацыяналізацыю значнае часткі зямлі. Дэпутат лічыў, што ў такім выпадку адзіным спадкаемцам землеўладальнікаў стане дзяржава, а гэта прывядзе да бескантрольнага панавання бюракратыі.
Выступ выклікаў нездавальненне большасці дэпутатаў, але на Рамана Скірмунта гэта не зрабіла моцнага ўражання. Ён меў уласную пазіцыю і адстойваў яе.
20 чэрвеня 1906 года з’явілася ўрадавая дэкларацыя, якая яшчэ раз паказала, што ўрад І. Гарамыкіна цалкам ігнараваў думскую дзейнасць у аграрным пытанні. У адказ большая палова дэпутатаў вырашыла прыняць зварот да народа. Гэта было парушэннем заканадаўства. Раман Скірмунт выступіў супраць звароту: “Ён можа парушыць той варты жалю прывід улады, які яшчэ існуе... Думу лепш пакінуць у спакоі. Яна не павінна быць зброяй у партыйнай барацьбе... Краіне не патрэбны пустыя звароты і дэкларацыі” – заявіў Раман Скірмунт.
У другой палове 1906 года імя Рамана Скірмунта, як і раней, фігуравала сярод кіроўнікоў нацыянал-вызваленчага руху Беларусі і Літвы. У гэты момант Беларуская Сацыялістычная Грамада праводзіць ІІ з’езд, дзе прымаюцца асноўныя палажэнні партыі, якія і сталі ідэяй незалежнасці. БСГ пачынае выдаваць “Нашу Ніву”, але вельмі не хапала фінансаў. Раман Скірмунт, каб выратаваць выданне выдзяляе вялікую суму грошаў і пачынае фінансаванне “Нашай Нівы”.
Першымі з крытыкай Р.Скірмунта выступілі прыхільнікі польскіх нацыяналістаў, партыя нацыянальных дэмакратаў Р.Дмоўскага. У жніўні 1906 года прапольскія дзеячы на старонках “Дзённіка кіеўскага” так характарызавалі Р.Скірмунта: “Р. Скірмунт перш-наперш не ўжывае сябе за паляка. У гутарцы са мною заявіў, што ён беларус, які адно ўзгаданы ў польскай культуры, што ён не мае найменшай патрэбы залічыць сябе да народнасці, з якой яго звязвае толькі культура.”. Прапольскі нацыяналіст-дэмакрат В.Джанчык заяўляў пра поўны адыход Рамана Скірмунта ад польскай нацыі. На ягоны погляд, гэтаму спрыяла “тутэйшасць” Скірмунта, якой ён не сароміўся. Раман Скірмунт, як і вядомая публіцыстка Канстанцыя Скірмунт, ледзь не з гонарам называлі сябе “тутэйшымі”.
Раман Скірмунт даў адказ Джанчыку. Ён параўнаў польскіх нацыяналістаў з агрэсарамі, якія называлі сябе “истинно русскими патриотами”. На погляд Рамана Аляксандравіча і першыя і другія – ворагі, бо яны ігнаравалі інтарэсы Беларусі і Літвы, губілі нацыю.
У студзені 1907 года ў Пінску адбываецца павятовы выбарчы сход па курыі землеўладальнікаў. Кандыдатура Рамана Скірмунта была забалатавана. Ён атрымаў толькі 39 галасоў з 154 магчымых, хаця ў галасаванні удзельнічалі 64 прадстаўнікі польскага буйнага і дробнага землеўладання.
У траўні 1907 года Рамана Аляксандравіча Скірмунта чакала яшчэ адно вялікае расчараванне. Ён вылучаўся на пасаду віцэ-старшыні Мінскага сельскагаспадарчага таварыства і саступіў зусім невядомаму ў краі памешчыку У. Крупскаму. Усе гэтыя паражэнні былі звязаны з тым, што Раман Скірмунт быў асобай нацыянальна-вызваленчага руху Беларусі і Літвы, клапаціўся за свой край, любіў яго... Польскія і рускія нацыянал-дэмакраты не жадалі бачыць Скірмунта ва ўрадзе, каб ён адтуль казаў пра існаванне Літвы і Беларусі...
Усе гэтыя падзеі прывялі да таго, што постаць Рамана Скірмунта ў хуткім часе стане першай назалежнасцю Беларусі. Раман Скірмунт стаў абаронцам правоў Літвы і Беларусі...

ЛІТАРАТУРА:

Архіўныя дадзеныя прэдстаўленыя краязнаўцам Эдвардам ЗЛОБІНЫМ;

СКІРМУНТ Тэрэза - “Скірмунт герба дуб” – гісторыя рода Скірмунтаў , 1978 год, перапісана ў 1985 годзе /Варшава/

Даведка ад Цэнтральнага Дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы аб жыцці і дзейнасці бацькі Рамана Скірмунта Аляксандра Скірмунта;

Гістарычныя нататкі ўзятыя з выдання “Палессе” на польскай мове;

ІЛЬЯНКОЎ В. “Трагедыя рода Скірмунтаў”, “Пінскі веснік”, 1993 г.

Гістарычныя працы даследчыка А. СМАЛЕНЧУКА;

Запісы з мясцовымі жыхарамі в.Парэчча, зробленыя гісторыкам Алесем СМАЛЕНЧУКОМ і Алесяй СІДЛЯРЭВІЧ;

Выпіскі з гістарычнага артыкула Андрэя РЫЛКІ “Cын палескай зямлі”;

Выпіскі з артыкула Аляксандара ІЛЬІНА.