“26 красавіка беларусы выйдуць на “Чарнобыльскі шлях”. Бо гэта ўшанаваньне памяці аб жахлівай трагедыі і людзях, якія загінулі і гінуць ад яе. Кіраўнік краіны замест вырашэньня гэтых праблем, займаецца турызмам. Прыедзе ў зону, пагаворыць, нейкія праграмы прадставіць, – але нічога ня робіцца. Лукашэнка практычна забараніў гуманітарную дапамогу з-за мяжы. Ён жа практычна скасаваў і аздараўленьне дзяцей за мяжой. Пачалася другая хваля накату на чарнобыльцаў. Іх нават пазбаўляюць пасьведчаньняў удзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы. Мэдычныя камісіі адмаўляюць пры камісаваньні на групы інваліднасьці тое, што захворваньне зьвязанае зь ліквідацыяй наступстваў катастрофы. Трэба з гэтым змагацца. Змагацца за свае здароўе і годнае жыццё”, -- заявіў старшыня аргкамітэта па правядзеньню акцыі “Чарнобыльскі Шлях”, прафэсар, член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі Іван Нікітчанка падчас онлайн-канфэрэнцыі на сайце “Радыё Свабода”. Нагадаем, што заяўнікі акцыі зьбіраюцца прыйсьці 26 красавіка, у 18.00 на плошчу Якуба Коласа ў Менску, каб правесьці людзей на дазволенае месца збору.