23 красавіка адкрыліся Дні беларускай культуры ў Кракаве. Сярод гасьцей фэстывалю прадстаўнікі беларускіх і польскіх палітычных партыяў, дэпутат Эўрапэйскага парлямэнту, загадчык Дэлегацыі па справах адносінаў зь Беларусяй Богдан Кліх, старшыня Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс, яе намесьнік Юзэф Пажэцкі, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы Алег Латышонак. У часе фэстывалю адбудуцца прэзэнтацыя новай кнігі Алега Латышонка “Ад Белых Русаў да Беларусаў”, кнігі Малгожаты Ноцунь і Анджэя Бжэзецкага “Беларусь -- бульба і джынсы”.
Юры Хашчавацкі прэзэнтуе свой фільм «Плошча» аб сакавіцкіх падзеях у Менску. Адбудуцца некалькі сустрэчаў рэжысёра з гледачамі.
Арганізатарамі фэстывалю выступіў Інстытут усходнеславянскай філялёгіі і Таварыства гісторыі ўсходняй Эўропы Інстытута гісторыі Ягелёнскага ўнівэрсітэту.